N.R.M. прэзэнтаваў свой новы альбом

 

Прэзэнтацыя новага альбома гурту N.R.M. пад назвай "Дом культуры" адбылася 22-га студзеня ў Менску. Пакуль музыкі зладзілі толькі прэс-канфэрэнцыю для журналістаў. Канцэртны тур гурту па ўсёй Беларусі пройдзе пры канцы лютага альбо ў пачатку сакавіка. Між тым, нават звычайную гутарку з прэсай музыкі здолелі ператварыць у сапраўднае шоў.

 

Голас Загадчыцы ДК: -Таварышы, я сабрала вас, штобы саабшчыць давольна прыятнае ізьвесьціе. У нашай стране адкрыўся новы Дом культуры!..

 

N.R.M. быў "у сваім рэпэртуары": звычайную прэсавую канфэрэнцыю яны ператварылі ў абсурдную пародыю на афіцыйныя мерапрыемствы, якія ў бальшыні дамоў культуры Беларусі адбываюцца па адным і тым жа сцэнары, з удзелам практычна аднолькавых пэрсанажаў. Праўда, тут малапісьменная загадчыца калгаснага ДК (ролю якой віртуозна выканала Ганна Вольская) выклікала не раздражненьне, а сьмех, а прамовы міністраў Незалежнай Рэспублікі Мроя былі зьмястоўныя й зразумелыя шырокім народным масам.

 

Загадчыца ДК: - Для таго, штобы унядрыць культуру ў масы, таварышы і пастроілі свой дом: знаіце, ня дом прэстарэлых, ня дом цярпімасьці, ня дом масонаў, прасьці Госпадзі, а дом культуры… Дом таго, чаго нам так не хватаіт у эта сложнае і непрастое ўрэмя…

 

Міністр 1 (П. Паўлаў): -Да чаго мы дайшлі, таварышы? Апошнім часам русіфікацыя беларускай мовы дайшла да таго, што ўсе зараз замест "рыба" кажуць "ріба", замест "рынак" кажуць "рінак"…Я, каншене, не Купала і не Колас, але таксама маю голас... І хочацца сказаць, што трэба павышаць культуру мовы!

 

Міністр 2 (Л. Вольскі):         

 

- Сьмецьце кідай толькі ў урны,

Каб усё было культурна!..

 

Нягледзячы на гарэзьлівасьць прэзэнтацыі "Дома культуры", музыка й тэксты у альбоме з большага сур'ёзныя, а месцамі нават дэпрэсыўныя. Гэты настрой прысутнічае і ў афармленьні кампакту: дызайнэр Міхал Анепмпадыстаў вытрымаў вокладку ў змрочных "асфальтных" колерах, абраўшы сымбалем альбома грувасткія абрысы менскага опэрнага тэатра… Між тым, ня выключана, што менавіта сур'ёзныя песьні з гэтага альбома, такія як "Маё пакаленьне", "Лёгкія" альбо "Фабрыка", у хуткім часе зробяцца найбольш магутнымі хітамі гурту.

 

У альбоме "Дом культуры", у адрозьненьні, скажам, ад "Трох чарапахаў", няма песьні з аднайменнай назвай. Выглядае на тое, што музыкі вырашылі нарэшце аддаць даніну ўдзячнасьці ўсім беларускім дамом культуры, у якіх ім даводзілася граць, а заадно й падзяліцца ўласнымі ўражаньнямі. Адмыслова для гэтага праекту быў зьняты мультымэдыйны кліп пра гастрольнае жыцьцё N.R.M., а таксама запісаная п'еса "Дом культуры". (Менавіта зь яе, дарэчы, і прыйшлі на прэс-канфэрэнцыю пэрсанажы загадчыцы ДК й нецьвярозага электрыка Івана Адольфавіча). Варта заўважыць, што кампакт выпушчаны двума накладамі: адзін зь іх - больш дарагі (CD каштуе каля 9 тысячаў рублёў), а другі прадаецца па звычайнай цане. Вонкава яны нічым не адрозьніваюцца, але п'есу й кліп змогуць паглядзець толькі тыя, хто набудзе "элітны" варыянт "Дома культуры". Зрэшты, нават адносна высокая цана на кампакт улюбёнага гурта, здаецца, ня надта палохае прыхільнікаў N.R.M. Дыск, які паступіў у продаж яшчэ да прэзэнтацыі, без усялякай рэклямы ў прэсе, распрадаецца імгненна. Музыкі запэўніваюць, што наклад "Дома Культуры" досыць вялікі, каб задаволіць усіх прагных.

 

Як ішла праца над новым альбомам і ці можна гэты працэс наогул назваць "працай"? Гутару з Л. Вольскім і П. Паўлавым.

 

Л.В.:- Цяжка гэта назваць працай. Як гавораць, "па кайфу" усё гэта... Праца - гэта калі перад канцэртам ты рэпэтуеш тры разы, напрыклад, тры дні песьні 10-гадовай даўніны, якія й так выдатна ведаеш. А стварэньне новых песень - гэта кайф высокага ўзроўню, я б сказаў. Нават вышэй за наркатычны, напэўна...

 

RR: -Існуе меркаваньне, што папулярнасьць N.R.M. - ужо як бы "столя" для беларускамоўнага гурта. Ці можа яшчэ гэтая папулярнасьць вырасьці, і за кошт якіх рэзэрваў?

 

П. Паўлаў: - Рэзэрв у нас бясконцы. Калі нашу музыку пачуюць усе людзі Беларусі, то ўсе будуць яе слухаць, таму што менавіта гэтая музыка для беларусаў і пра беларусаў. "Столі" проста няма, столя залежыць толькі ад нашага шоў-бізнэсу: ад ступені прамоўшна, ад разьвіцьця мас-мэдыя... Папулярныя расейскія гурты навязаныя нам праз расейскія мас-мэдыя. А мы не навязаныя. І калі мы будзем навязаныя такім жа самым чынам, я ўпэўнены, што мы будзем больш папулярныя, чым яны.

 

www.racyja.pl

Hosted by uCoz